~~META: title = Паэзія Ніла Гілевіча &keywords = паэт, верша, гілевіча, вершы, паэта,беларусі, ніла, культура, народ, сцвярджае, роднай, мове &abstract = Паэзія Ніла Гілевіча &iftrue = nan ~~ ====== Паэзія Ніла Гілевіча ====== Пакуль паэты будуць пець –\\ Не быць радзіме безыменнай,\\ Зямлі бацькоў – не анямець. //Н. Гілевіч// У творчай спадчыне народнага паэта Беларусі, вядомага перакладчыка, вучонага-фалькларыста, крытыка, публіцыста, грамадскага дзеяча Ніла Гілевіча нямала зборнікаў ("Неспакой", "Бальшак", "Перазовы", "Актавы", "У добрай згодзе", "Повязь", "Жыта, сосны і валуны", "На высокім алтары"), асноўным зместам якіх з’яўляецца лёс беларускай мовы і культуры, духоўная спадчына народа, памяць мінулай вайны. У вершах пра маці пульсуе ўсведамленне свайго сыноўскага абавязку перад самым дарагім чалавекам, нейкай унутранай віны і адначасова пакаяння. У вершах пра сучасную вёску паэт сцвярджае, што спрадвеку вёска была і застаецца захавальніцай маральнай і моўнай чысціні народа. Паэт уздымае голас супраць бездухоўнасці і абыякавага стаўлення да нацыянальнай культуры, выступае за маральную чысціню сучаснікаў. Публіцыстычнасцю, бескампраміснасцю, прамоўніцкай інтанацыяй і ў той жа час унутранай засяроджанасцю, медытатыўнасцю характарызуюцца вершы "Трывайма, браты", "Мэта", "Здарэнне", "Што я думаў...", "Як доўга?". У вершы "[[творы/ніл-гілевіч/ніл-гілевіч-i-ўсё-такі-дойдзем|І ўсё-такі дойдзем!..]]" паэт з упэўненасцю сцвярджае, што беларусы, нягледзячы на нейкае пракляцце, змогуць пазбавіцца пачуцця сваёй другараднасці, прыслухацца адзін да другога, аб’яднацца і дайсці да беларускасці – чалавечнасці і людскасці: Відаць, пракляцця знак ляжыць\\ На нас ад роду, і таму\\ Так цяжка шлях нам церабіць\\ Да Беларусі!\\ \\ Равуць вятры, грымяць грамы,\\ Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,\\ І ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы\\ Да Беларусі!.. Праблемы нацыянальнага адраджэння Н. Гілевіч звязвае з роднай мовай, і шматлікія пытанні яе развіцця ніколі не здымаліся з парадку дня паэта. У кнізе "Любоў прасветлая: Роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове" паэт працягвае дыялог з чытачом аб мове і яе ролі ў жыцці чалавека, грамадства (вершы "Родная мова", "Роднае слова", "Мова майго народа", "Мара Скарыны", "Спадчына"). Падкрэсліваючы гуманістычную сутнасць вучэння Ф. Скарыны, паэт імкнецца далучыць сваіх суайчыннікаў да набыткаў агульначалавечай культуры: Марыў калісьці славуты Скарына\\ "Ціснучы" кнігі на мове бацькоў:\\ Простаму люду ў роднай краіне\\ Зробіць даступнай ён мудрасць вякоў. Адной з галоўных тэм у творчасці Н. Гілевіча з’яўляецца тэма роднага краю, бацькоўскай зямлі. Верш "[[творы/ніл-гілевіч/ніл-гілевіч-край-мой-беларускі|Край мой беларускі, край]]", напісаны ў форме звароту да роднага краю. вызначаецца асаблівай пранікнёнасцю, чуласцю, шчырасцю – усім тым, што выверана і вынашана паэтам. Лірычны герой хоча прыгарнуцца да ляснога долу, напіцца вады гаючай з крыніцы, прайсці па бясконцых шляхах і прасторах, наглядзецца на лугі і рэчкі, каб узяць усё гэта з сабой у вечнасць.\\ У вершы "[[творы/ніл-гілевіч/ніл-гілевіч-ах-якая-над-гайнай-купальска|Ах, якая над Гайнай купальская ноч]]" паэт не столькі знаёміць чытача з чароўным светам святочных абрадаў, колькі заклікае да аднаўлення забытых традыцый. Заклік у абарону родных бароў і пушчаў, пратэст супраць бездухоўнасці ў адносінах да прыродных багаццяў гучыць у вершах "Даруйце, родныя бары і пушчы", "[[творы/ніл-гілевіч/ніл-гілевіч-сіняя-пушча|Сіняя пушча]]".\\ Памяць вайны, якая не адпускае паэта ўсё жыццё, з’яўляецца тэмай паэмы "Гарыць, гарыць мая Лагойшчына", шматлікіх вершаў ("Ты кажаш, я не ведаю вайны", "Сто вузлоў памяці"). Паэт вітае мір, не хоча паўтарэння жудасных ваенных гадоў: Застаўшыся з маленства на вайне,\\ Я аднаго хачу, мая краіна:\\ Каб гэта скончылася ўсё на мне,\\ Каб гэта ўсё не стала доляй сына. Адрасатам многіх вершаў паэта з’яўляецца моладзь. У вершы "Парада маладым чытачам" Н. Гілевіч пераканаўча і проста сцвярджае мудрыя жыццёвыя ісціны: трэба чытаць казкі, бо "навукі мудрай – край там непачаты!". З кожнай казачнай фабулы маладыя чытачы павінны зразумець няхітрую жыццёвую праўду, выказаную паэтам у яскравых параўнальных зваротах: "чаму лісе не трэба верыць здохлай, як гэта дзед адзін зрабіў калісьці"(не трэба давяраць хітраму чалавеку), "чаму ваўку не трэба камізэлька з двума радамі гузікаў на бруху" (не адзенне ўпрыгожвае чалавека, а прыгожыя ўчынкі), "чаму царэвіч там, дзе ўпала стрэлка, узяў за жонку брыдкую рапуху" (дабрыня і спагада вышэй за знешнюю прыгажосць), "чаму быў вымушаны памірыцца Музыка з яшчаркай, як гора ўспала" (да сяброў трэба звяртацца не толькі ў час бяды), "чаму, пабыўшы ўжо царом з царыцай, дзед зноў стаў дзедам, баба – бабай стала" (прагнасць, сквапнасць не даводзяць да дабра).\\ Паэзія Ніла Гілевіча вабіць чытача не толькі сваёй мастацкай дасканаласцю і прыгажосцю гучання, але і вастрынёй тых праблем, якія ўздымае паэт у сваіх творах. Спавядальнасць, шчырасць, тонкі лірызм і метафарычнасць складаюць адметнасць творчай манеры Н. Гілевіча. Аўтар не абмінае сваёй увагай "нязручныя" праблемы, паслядоўна і доказна вядзе з чытачом гаворку аб складанасцях сучаснага жыцця. Наогул, паэзію Ніла Гілевіча можна было б акрэсліць як філасофскую лірыку грамадзянскага гучання. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/ніл-гілевіч/матывы-і-вобразы-паэзіі-ніла-гілевіча]] * [[творы/пімен-панчанка/духоўны-свет-лірычнага-героя-ў-паэзіі-пі]] * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/сучасная-беларуская-паэзія-яе-тэмы-і-воб]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/паэзія-аркадзя-куляшова-яе-тэматыка-грам]] * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/сучасная-паэзія-беларусі]]