~~META: title = Патрыятычны гімн Беларусі ("Пагоня" М. Багдановіча) &keywords = пагоні, народа, паэта, гербу, багдановіч, беларуска, сімвалу, радзімую, пагоня, твора, мове, мужная, стрымаць &abstract = Сачыненне "Патрыятычны гімн Беларусі ("Пагоня" М. Багдановіча)" &iftrue = nan ~~ ====== Патрыятычны гімн Беларусі ("Пагоня" М. Багдановіча) ====== Яе так мусіць ашчаджаць і сёння\\ адважны, годны родны чалавек;\\ усюды пад спрадвечнаю "Пагоняй"\\ і наша ніва й песня ажыве. Аляксей Русецкі \\ У 1913 годзе Максім Багдановіч напісаў верш, якому было наканавана стаць патрыятычным гімнам нашай Бацькаўшчыны. Ён прысвечаны сімвалу адзінства нашай нацыі – старажытнаму гербу "Пагоня". У ім на лаканічнай мове геральдыкі адлюстравана ўся слаўная і мужная гісторыя беларускага народа.\\ Упершыню гэты герб паведамляецца ў беларуска-літоўскім летапісе каля 1270 года. Старажытны славянскі сімвал, які першапачаткова ўзнік як княжацкі і гарадскі ў Наваградку, хутка стаў гербам Вялікага Княства Літоўскага. Вось як хораша піша пра гэта М. Багдановіч: Ў белай пене праносяцца коні, –\\ Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...\\ Старадаўняй Літоўскай Пагоні\\ Не разбіць, не спыніць, не стрымаць. Пагоня невыпадкова набыла для нас, беларусаў, выключнае значэнне: на нашу зямлю часта прыходзілі нязваныя госці, несучы ёй ярмо і разбурэнне, сеючы смерць. Таму яшчэ з часоў Усяслава Чарадзея існаваў такі звычай: пасля нападу ворагаў на паселішча ўсе мужчыны, што маглі трымаць зброю, павінны былі дагнаць ворага і паквітацца з ім за забітых супляменнікаў. Гэты звычай і меў назву пагоні.\\ Штуршком, які натхніў паэта на напісанне твора, паслужыла выява "Пагоні", змешчаная на Вострай Браме ў Вільні: Толькі ў сэрцы трывожным пачую\\ За краіну радзімую жах, –\\ Ўспомню вострую браму святую\\ І ваякаў на грозных канях. Коннікі імчацца з сівой даўніны на дапамогу сённяшняму беларусу, на барацьбу са здраднікамі, адшчапенцамі, з тымі, хто выракаецца сваёй Айчыны, цураецца роднай мовы: Бійце ў сэрцы іх – бійце мячамі,\\ Не давайце чужынцамі быць! – заклікае паэт вершнікаў. Сам вобраз узброенага конніка ўвасабляе нашых мужных і гераічных продкаў, якія крывёю і жыццём заплацілі за свабоду Радзімы. З Пагоняй змагаліся яны супраць Маскоўскай арміі ў 1514 г. пад Оршай, у Грунвальдскай бітве 1410 г. некалькі дзясяткаў харугваў мелі на сваіх штандарах герб пагоні, сімвалам нацыянальна-вызваленчай барацьбы стала яна ў час паўстання 1863-1864 гг.\\ Заклікаючы да помсты адрачэнцам, паэт усё ж не выключае для іх магчымасці даравання. Але яго можна купіць толькі коштам уласнага жыцця. Лепш памерці за сваю Айчыну, чым быць яе ворагам – такая думка закладзена ў падтэкст наступных слоў, звернутых да Радзімы: Ты прабач. Ты прымі свайго сына,\\ За Цябе яму ўмерці дазволь!.. У заключных радках свайго верша М. Багдановіч выказвае цвёрдую веру ў непераможнасць нацыянальнага духу, у светлую будучыню свайго народа: Старадаўняй Літоўскай Пагоні\\ Не разбіць, не спыніць, не стрымаць. Так, у невялікім вершы паэт акумуляваў усё мінулае нашага народа, паказаў, якім шляхам павінна ісці Беларусь да сваёй светлай будучыні. Гэты твор нібы злучае ўсе мінулыя эпохі з нашым сённяшнім днём. Ён заклікае нас быць вернымі сынамі і дочкамі свайго народа, гнаць ворагаў прэч з роднай зямлі і ашчадна захоўваць тую спадчыну, якую пакінулі нам прашчуры і якую павінны мы перадаць сваім нашчадкам. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-бадак/алесь-бадак-пагоня]] * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-у-люстэрку-свіцязі]] * [[творы/іван-пташнікаў/іван-пташнікаў-пагоня]] * [[творы/артур-вольскі/артур-вольскі-пагоня]] * [[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-покліч]]