Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


аналіз-і-крытыка:не-пакідайце-ж-мовы-нашай-беларускай-каб

Гэта старая версія дакумента!


Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі (Ф. Багушэвіч)

Той люд жыве, што свае песні мае…

Ф. Багушэвіч

Рэвалюцыянера-дэмакрата, пачынальніка крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры Ф. Багушэвіча часта называюць будзіцелем гістарычнай і нацыянальнай свядомасці беларускага народа. У многіх творах, асабліва ў прадмовах да зборнікаў "Дудка беларуская" і «Смык беларускі», якія лічацца мастацкімі маніфестамі нацыянальнага адраджэння, вяршыняй дэмакратычнай думкі, паэт выступае ў абарону беларускай культуры, мовы і народа.
Зборнік «Дудка беларуская» пачынаецца задушэўным зваротам Ф. Багушэвіча да ўсіх беларусаў: «Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маей! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя «мужыцкай» завуць, а завецца яна «беларускай». У прадмове да зборніка аўтар падкрэслівае спрадвечнасць бацькоўскай мовы, якая такая ж «людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая». «Наша мова для нас святая, – піша Ф. Багушэвіч, – бо яна нам ад Бога даная». Параўноўваючы Беларусь з «Булгарыяй, Харватыяй, Чэхіяй» і іншымі краінамі, якія «маюць па-свойму пісаныя і друкаваныя» кніжкі і газеты («і набожныя, і смешныя, і слёзныя»), паэт заўважае, што культурны чалавек павінен ведаць іншыя мовы, але найперш «трэба знаць сваю».
Аўтар прадмовы нагадвае часы Вялікага княства Літоўскага, калі беларуская мова з’яўлялася дзяржаўнай: «Чытаў я ці мала старых папераў па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі, а нашай мовай чысцюсенькай, як бы вот цяпер пісалася». З гневам ён абураецца тым, што зараз, калі напішаш ліст да бацькоў па-свойму, па-беларуску, людзі высмеюць цябе як дурня і скажуць, што «піша па-мужыцку». Ф. Багушэвіч, не высвятляючы прычын гэтага, з жалем папракае саміх жа беларусаў: «мы самі пусцілі яе (мову) на здзек».
Паэт лічыць нацыянальную мову найважнейшай формай выяўлення духоўнасці народа. «Гаворка, язык і ёсць адзежа душы», – сцвярджае дэмакрат, злучаючы ў адно людскую душу і матчыну мову. Аўтар, раскрываючы ў творах таямніцы душы простага чалавека, яго імкненне да вольнасці, незалежнасці, не хоча, каб душа беларуса стала чужой, падменнай. Ф. Багушэвіч з гневам выкрывае тых, хто грэбуе роднай мовай, абыякава ставіцца да лёсу свайго народа, яго культуры і традыцый. «Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, – засцерагае паэт, – каб не ўмёрлі!»
Уздымаючы голас у абарону роднага люду, паэт-дэмакрат выказвае глыбокую павагу да іншых народаў і іх моў.
Прадмовы да зборнікаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» з’ўляюцца глыбока патрыятычнымі творамі, у якіх аўтар абгрунтоўваў права беларускага народа на развіццё сваёй мовы і культуры. На жаль, і сёння, больш чым праз сто гадоў пасля напісання прадмоў, словы Ф. Багушэвіча застаюцца актуальнымі.

Падобныя старонкі

  • вершаваная-мова
  • аўтарская-мова
  • літаратурная-мова
  • мова-мастацкай-літаратуры
  • няўласна-простая-мова
аналіз-і-крытыка/не-пакідайце-ж-мовы-нашай-беларускай-каб.1755861250.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:14 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki