~~META: title = Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі (Ф. Багушэвіч) &keywords = народ, мова, беларуская, паэт, зборніка, дудка, культура, беларуса, багушэвіч, творах, смык, беларускі, абарону, людзі &abstract = Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі (Ф. Багушэвіч) &iftrue = nan ~~ ====== Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі (Ф. Багушэвіч) ====== Той люд жыве, што свае песні мае... //Ф. Багушэвіч// Рэвалюцыянера-дэмакрата, пачынальніка крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры Ф. Багушэвіча часта называюць будзіцелем гістарычнай і нацыянальнай свядомасці беларускага народа. У многіх творах, асабліва ў [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-прадмова-да-зборніка|прадмовах да зборнікаў "Дудка беларуская"]] і "Смык беларускі", якія лічацца мастацкімі маніфестамі нацыянальнага адраджэння, вяршыняй дэмакратычнай думкі, паэт выступае ў абарону беларускай культуры, мовы і народа.\\ Зборнік "Дудка беларуская" пачынаецца задушэўным зваротам Ф. Багушэвіча да ўсіх беларусаў: "Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маей! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя "мужыцкай" завуць, а завецца яна "беларускай". У прадмове да зборніка аўтар падкрэслівае спрадвечнасць бацькоўскай мовы, якая такая ж "людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая". "Наша мова для нас святая, – піша Ф. Багушэвіч, – бо яна нам ад Бога даная". Параўноўваючы Беларусь з "Булгарыяй, Харватыяй, Чэхіяй" і іншымі краінамі, якія "маюць па-свойму пісаныя і друкаваныя" кніжкі і газеты ("і набожныя, і смешныя, і слёзныя"), паэт заўважае, што культурны чалавек павінен ведаць іншыя мовы, але найперш "трэба знаць сваю".\\ Аўтар прадмовы нагадвае часы Вялікага княства Літоўскага, калі беларуская мова з’яўлялася дзяржаўнай: "Чытаў я ці мала старых папераў па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі, а нашай мовай чысцюсенькай, як бы вот цяпер пісалася". З гневам ён абураецца тым, што зараз, калі напішаш ліст да бацькоў па-свойму, па-беларуску, людзі высмеюць цябе як дурня і скажуць, што "піша па-мужыцку". Ф. Багушэвіч, не высвятляючы прычын гэтага, з жалем папракае саміх жа беларусаў: "мы самі пусцілі яе (мову) на здзек".\\ Паэт лічыць нацыянальную мову найважнейшай формай выяўлення духоўнасці народа. "Гаворка, язык і ёсць адзежа душы", – сцвярджае дэмакрат, злучаючы ў адно людскую душу і матчыну мову. Аўтар, раскрываючы ў творах таямніцы душы простага чалавека, яго імкненне да вольнасці, незалежнасці, не хоча, каб душа беларуса стала чужой, падменнай. Ф. Багушэвіч з гневам выкрывае тых, хто грэбуе роднай мовай, абыякава ставіцца да лёсу свайго народа, яго культуры і традыцый. "Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, – засцерагае паэт, – каб не ўмёрлі!"\\ Уздымаючы голас у абарону роднага люду, паэт-дэмакрат выказвае глыбокую павагу да іншых народаў і іх моў.\\ Прадмовы да зборнікаў "Дудка беларуская" і "Смык беларускі" з’ўляюцца глыбока патрыятычнымі творамі, у якіх аўтар абгрунтоўваў права беларускага народа на развіццё сваёй мовы і культуры. На жаль, і сёння, больш чым праз сто гадоў пасля напісання прадмоў, словы Ф. Багушэвіча застаюцца актуальнымі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/вершаваная-мова]] * [[слоўнік/аўтарская-мова]] * [[слоўнік/літаратурная-мова]] * [[слоўнік/мова-мастацкай-літаратуры]] * [[слоўнік/няўласна-простая-мова]]