~~META: title = Мінулае вучыць нас, як жыць сёння (па творах Яна Баршчэўскага) &keywords = баршчэўскі, вершы, дзеванька, гарэліца, народ, завальня, шляхціц &abstract = Сачыненне "Мінулае вучыць нас, як жыць сёння (па творах Яна Баршчэўскага)" &iftrue = nan ~~ ====== Мінулае вучыць нас, як жыць сёння (па творах Яна Баршчэўскага) ====== Літаратурную дзейнасць [[постаці/ян-баршчэўскі|Ян Баршчэўскі]] пачаў у Полацкай калегіі паэмамі "Пояс Венеры" і "Псіхея", вытрыманымі ў стылі польскага класіцызму. Твораў, напісаных на беларускай мове, захавалася мала. Гэта дыдактычныя вершы "[[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-дзеванька|Дзеванька]]" і "[[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-гарэліца|Гарэліца]]", а таксама паэма "Рабункі мужыкоў" ("[[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-размова-хлопаў|Размова хлопаў]]"), прысвечаная падзеям 1812 г. Гэтыя творы прадуманыя з боку кампазіцыі, ім не адмовіш у лірызме і пэўнай сатырычнай скіраванасці. Так, у вершы "Дзеванька" аўтар папракае маладую асобу за беспадстаўныя прэтэнзіі на панскасць, а ў вершы "Гарэліца" – п’яніцу за празмерную прыхільнасць да "зялёнага змія".\\ Пад уплывам пісьменнікаў-рамантыкаў Я. Баршчэўскі пачаў апрацоўваць беларускія паданні, легенды, казкі, песні, прыказкі і прымаўкі, у выніку чаго была напісана "кніга сэрцаў і характараў людскіх" "[[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-шляхціц-завальня-або-белар|Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях]]". У гэтым чатырохтомным зборы апавяданняў, які параўноўваюць з цыклам "Тысяча і адна ноч", пісьменнік абгрунтаваў думку пра самабытнасць, веліч і духоўнае багацце беларускага народа.\\ Скразным вобразам, які аб’ядноўвае твор у адзінае мастацкае цэлае, з’яўляецца шляхціц Завальня. Ён гасцінна сустракае ўсіх падарожных, шчодра частуе іх, уважліва слухае жыццёвыя гісторыі і казкі. З такіх гісторый мы даведваемся пра багатага Карпа, рыбака Родзьку, пана Сівоху, сляпога Францішка, паляўнічага Сямёна і іншых герояў, якія аказваюцца ў самых розных і неверагодных жыццёвых сітуацыях, трапляюць пад уплыў чорных сіл, змагаюцца, перамагаюць, выратоўваюцца, гінуць... ("[[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-пра-чарнакніжніка-і-пра-цм|Пра чарнакніжніка і пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем]]", "[[творы/ян-баршчэўскі/вужыная-карона|Вужыная карона]]", "[[творы/ян-баршчэўскі/зухаватыя-ўчынкі-шляхціц-завальня|Зухаватыя ўчынкі]]", "Вогненныя духі").\\ Фантастычныя апавяданні Я. Баршчэўскага, адметныя і непаўторныя, звязаны з "духам і паэзіяй народа". Яны насычаны афарызмамі, трапнымі выслоўямі і параўнаннямі: "Хто вучыцца, той павінен пра ўсё ведаць"; "Помстаю не супакоіш пакуты"; "Чалавек без рэлігіі на ўсё гатовы"; "Якая карысць спрачацца з людзьмі, якія маюць абмежаваныя веды і пачуцці?"; "Перасаджваць дубы – найвялікшае няшчасце". У іх сцвярджаюцца вечныя ісціны чалавечага быцця: міласэрнасць, дабрыня, вернасць, уседаравальнасць, любоў да бліжняга і роднай зямлі. Праз сістэму выяўленчых сродкаў і на аснове багатых фальклорных матэрыялаў Я. Баршчэўскаму ўдалося стварыць сімвалічны і непаўторны вобраз Плачкі-Беларусі і яе пакутніцкага лёсу. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-назначэнне-фантастычнага-ў]] * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-пра-ўваскрэсенне-душы-і-пе]] * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-цэнтральная-праблема-шляхц]] * [[творы/ян-баршчэўскі/шляхціц-завальня-або-беларусь-у-фантасты]] * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-шляхціц-завальня-або-белар]]