~~META: title = Матывы і вобразы паэзіі Уладзіміра Жылкі &keywords = паэт, лёсу, творах, верша, вершы, шляхах, змагара, сімвалам, героя, жылкі, пытанні, жыцця, жылка, бясконцы &abstract = Матывы і вобразы паэзіі Уладзіміра Жылкі &iftrue = nan ~~ ====== Матывы і вобразы паэзіі Уладзіміра Жылкі ====== ...Дух творчы Беларусі\\ Жыве й змагае ў вяках. У. Жылка \\ Паэт рамантычнага складу і трагічнага лёсу, Уладзімір Жылка ўвайшоў у літаратуру на самым пачатку 20-х гадоў. Яго хвалявала становішча і далейшы лёс Айчыны ў цяжкія для яе гады. У сімвалічных вобразах У. Жылка паэтызаваў служэнне Бацькаўшчыне, змаганне за яе лепшую будучыню. У вершы "[[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-віхор|Віхор]]" аўтар паказвае абуджэнне беларускага народа і яго імклівы непераможны рух да свайго гістарычнага самасцвярджэння: Грыміць, гудзе ўсё недарэчнае,\\ Штораз віхор гучней, прудчэй.\\ Услухайся, паймі адвечнае –\\ І гімны вырвуцца з грудзей.\\ \\ Пара, пара дазнацца, зверыцца\\ Сваіх магутных сонных сіл!\\ Адважны, хто спыніць намерыцца\\ Размах жыцця і творчы пыл... Праўда, не зусім акрэсленымі ўяўляюцца паэту шляхі, якія прывядуць да незалежнасці: "Дзе йдзем? І дзе капцы канцовыя? Дзе ходу нашаму мяжа?.."\\ Блізкімі да гэтага верша па пафасе і тэматыцы з’яўляюцца вершы "[[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-мы-любім-даўнія-паданні|Мы любім даўнія паданні...]]" і "Ізноў пытанні...". У іх таксама няма адказу на пытанне аб шляхах выхаду з няволі. У радках верша "Ізноў пытанні..." чуецца знітаванасць лірычнага героя з нявольным краем, патрыятычная адданасць яму.\\ У творах У. Жылкі назіраецца арыентацыя на класічныя формы еўрапейскай паэзіі, на традыцыі філасофскай лірыкі М. Багдановіча. Так, верш "[[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-палімпсест|Палімпсест]]", які пераклікаецца з багдановічаўскімі "Перапісчыкамі", "Летапісцам", "Кнігай", можна назваць сімвалам нацыянальнага адраджэння. Як палімпсесту ( старажытнаму сцёртаму рукапісу, сэнс якога "пайме не кожны") патрэбна ачышчэнне ад пылу і наліплага бруду, так і краіне з яе "багаццем і хараством прыроды" неабходна ачышчэнне ад "вяковага бруду паганага", адраджэнне сваёй гісторыі ("прошласці слаўнай"), сваіх каранёў і вытокаў.\\ У творчасці У. Жылкі, не ацэненай пры жыцці належным чынам, нямала разважанняў аб лёсе чалавека, які павінен быць свабодалюбівым, непакорным, з бунтарскім духам, з усведамленнем сваёй чалавечай годнасці. Толькі тады магчыма перамога. "Лепш быць пакутнікам, жабраком, чым рабом", – сцвярджае паэт у вершы "[[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-ляпей-жабрачы-лёс|Ляпей жабрачы лёс]]": Ляпей жабрачы лёс,\\ У рукі кій, за плечы торба;\\ Ляпей страха нябёс,\\ Бясконцы шлях і ліры корба;\\ \\ Ляпей чужыны золь,\\ Сцякаць ад чорнай працы потам;\\ Ляпей, не змогшы боль,\\ Сканаць самотнаму пад плотам –\\ Але не лёс раба... Такая ж думка выказваецца і ў вершы "[[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-праметэй|Праметэй]]". Вобраз Праметэя надзелены рысамі гордага змагара. Ён, нягледзячы на свае пакуты і прыніжэнні, што церпіць ад Зеўса, не можа скарыцца: "З гордых вуснаў не вылеціць стогн! Пакарацца, хіліцца не мне!" Гэты верш, на думку І. Багдановіч, " можа ўспрымацца як сімвал зняволенага і раскрыжаванага роднага Краю, які зазнаў на сабе "магутны, няправедны" прымус".\\ Пра былую веліч і славу краіны, калі яе сталіцай была Вільня, вядзецца размова ў "[[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-вершы-аб-вільні|Вершах аб Вільні]]". Твор прасякнуты настальгіяй па мінуўшчыне, калі Вільня была канкрэтным сведчаннем волі, росквіту і духоўнасці, кансалідуючым сімвалам вызваленчых ідэй беларускага народа. Лірычны герой вершаў называе горад крывіцкай Меккай, местам родным, любым. І таму зразумелым становіцца жаданне паэта пасля смерці быць пахаваным толькі ў Вільні. Уяўленнем свайго сімвалічнага пахавання "на могілках зацішных Росы" заканчваецца апошні твор У. Жылкі – паэма "Тэстамент".\\ Творы тыпу жылкаўскага "[[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-тастамент|Тэстаменту]]" вядомы ў беларускай літаратуры з даўніх часоў (гл. "Дыярыуш" [[творы/іншае/афанасій-філіповіч|Афанасія Філіповіча]], "Пісьмо з-пад шыбеніцы" К. Каліноўскага). Па складзе паэма лічыцца аўтабіяграфічнай, філасофска-медытатыўнай. У цэнтры яе лірычны герой, у спавядальным маналогу якога – роздум над сваім лёсам, над прызначэннем творцы наогул. Аўтар як бы апраўдвае паэта (песняра і змагара) за міжвольныя грахі, якія ён мог дапусціць на цяжкім жыццёвым шляху. Грахі гэтыя зямныя, чалавечыя, і людзі змогуць знайсці ім вялікадушнае апраўданне, бо паэт заўсёды імкнуўся захаваць у сабе вышыню чалавечага духу. Асэнсоўваючы жыццёвы і творчы шлях, паэт сцвярджае агульначалавечыя прынцыпы жыцця: На зломе дзвюх эпох злавесным,\\ У неспрыяльным ветры злым\\ Сваё жыццё прайшоў я чэсна:\\ Пясняр, змагар, бядняк праз век, –\\ Быў перш за ўсё я чалавек. Складаючы апафеоз зямлі, радзіме, працоўнаму чалавеку, паэт хоча пакінуць нашчадкам прыгожую, квітнеючую, плодную дабром і хараством зямлю: Спявай, зямля, упіся сонцам,\\ Абмыйся чэрвеньскім дажджом,\\ Расці, цвіці, красуй бясконца,\\ Пладоў, зярнят насып каўшом.\\ Уцехай будзь маёй старонцы.\\ Дары красой, дары дабром!\\ Вітай, Цябе у сіле поўнай\\ Я аддаю сям’і працоўнай. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-марта]] * [[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-хараство]] * [[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-каханне]] * [[постаці/уладзімір-жылка]] * [[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-меч]]