~~META: title = Літаратура эпохі Адраджэння &keywords = літоўскага, літаратуры, эпоха, князь, мовай, дзяржаўнай, жанр, помнікам, хроніка, вялікага, княства, беларускай, адраджэння, летапісы &abstract = Літаратура эпохі Адраджэння на Беларусі &iftrue = nan ~~ ====== Літаратура эпохі Адраджэння ====== //...Багацце духоўнае – злата дзяржавы.\\ М. Гусоўскі//\\ \\ Эпоха Адраджэння (XІV-XVІ ст.) на Беларусі – залаты век нашай Бацькаўшчыны, эпоха, якая вызначалася найперш тым, што беларуская мова ў Вялікім княстве Літоўскім была мовай каралёў і кавалёў – дзяржаўнай мовай. На беларускай мове была выдадзена першая Канстытуцыя – Статут Вялікага княства Літоўскага (у трох рэдакцыях: 1529, 1566, 1588 гг.), а таксама багаты збор дзяржаўных дакументаў – Літоўская метрыка.\\ Гэтая эпоха дала свету такіх тытанаў беларускай культуры, як Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі, палымяных змагароў за нацыянальныя традыцыі Мікалая Радзівіла Чорнага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, складальнікаў першых грунтоўных граматык і слоўнікаў Мялеція Сматрыцкага і Лаўрэнція Зізанія. Эпоха Адраджэння характарызавалася на Беларусі патрыятычным пафасам, ідэямі Асветніцтва і гуманізмам. У літаратурнай творчасці гэтага перыяду напачатку пераважалі жанры сярэднявечнай літаратуры, творы царкоўна-рэлігійнага зместу: асобныя кнігі Бібліі, жыціі і хаджэнні.\\ З жанраў свецкай літаратуры адзначым летапісы, якія адлюстроўвалі гістарычныя падзеі, апісвалі жыццё гістарычных асоб. Летапісы набліжаюцца да мастацкай літаратуры, бо нярэдка летапісцы звярталіся і да вуснапаэтычных крыніц, пераказвалі цікавыя гісторыі, легенды, паданні. Самым значным летапісным помнікам з'яўляецца «Летапіс вялікіх князёў літоўскіх». У «Беларуска-літоўскім летапісе 1446 года» змешчана «Пахвала вялікаму князю Вітаўту» – панегірык, у якім услаўлялася палітыка гэтага князя, накіраваная на ўзмацненне і ўзвышэнне Вялікага княства Літоўскага як магутнай еўрапейскай дзяржавы.\\ Выдатным помнікам летапіснай літаратуры з'яўляецца «[[творы/іншае/хроніка-бахаўца|Хроніка Быхаўца]]». Адметная асаблівасць гэтага твора – эмацыянальная, вобразная, займальная форма апісання падзей. У яркіх апавяданнях «Хронікі» расказваецца пра гераічныя паходы і бітвы (бітву пад Грунвальдам у 1410 г. з крыжакамі і ў 1506 г. пад Клецкам з татарамі). «Хроніка Быхаўца» – твор выразна патрыятычнага гучання. Ён быў выкліканы, відаць па ўсім, глыбокім роздумам аўтара аб лёсе Бацькаўшчыны, калі над ёй навісла пагроза страты самастойнасці і незалежнасці. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/іншае/літаратура-старажытнай-русі-xi-xiii-стст]] * [[творы/іншае/літаратура-xiv-пачатку-xvi-стст]] * [[творы/іншае/літаратура-хіх-хх-стст]] * [[творы/іншае/літаратура-xviii-ст]] * [[творы/іншае/літаратура-xvi-першай-паловы-xvii-стст]]