~~META: title = Жыццё даецца, каб жыццё тварыць... (па творах Анатоля Вярцінскага) &keywords = жыцця, паэт, чалавека, вярцінскага, вярцінскі, верша, дабро, шлях, жыццё, людзей, маці, час, паэта, асэнсоўвае &abstract = Сачыненне "Жыццё даецца, каб жыццё тварыць... (па творах Анатоля Вярцінскага)" &iftrue = nan ~~ ====== Жыццё даецца, каб жыццё тварыць... (па творах Анатоля Вярцінскага) ====== Анатоль Вярцінскі адзін з першых паэтаў, які па-філасофску інтэлектуальна асэнсоўвае рэчаіснасць і шматгранныя аспекты яе праяўлення. Кожная яго кніга – сведчанне таленту, глыбокага разумення сэнсу жыцця, актыўнага пошуку высокага ідэалу, гармоніі. Выкарыстоўваючы духоўны вопыт біблейскіх прытчаў, міфаў і філасофскіх канцэпцый, паэт вучыць чалавечнасці, патрабуе высокамаральнага і сумленнага стаўлення да жыцця. Сваё жыццёвае крэда А. Вярцінскі сфармуляваў так: "Для чалавека мала проста ненавідзець. Для чалавека мала проста любіць. Для чалавека мала быць проста сумленным. І проста чалавечным мала быць для чалавека. Чалавек яшчэ павінен адчуваць адказнасць за лёс другіх людзей, жыць для другіх, змагацца за агульныя інтарэсы і ідэалы".\\ Творам А. Вярцінскага ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, аналітычнасць. Паэт асэнсоўвае вечныя праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляе духоўную веліч чалавека, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць. У вершах яго можна знайсці мастацкае тлумачэнне такіх катэгорый, як дабро, праўда, шчасце, ісціна. Сапраўднае шчасце для паэта "не ружова-наіўнае, як першы веснавы цвет", а "сурова-зімняе, што знаходзіць свой шлях у муках і баях". Праўда – гэта тое, што "відавочна, што можна ўбачыць і ўчуць, што можна сэрцам адчуць". А. Вярцінскі "хлуснёю называе хлусню, а мітуснёю – мітусню, нядоўгае – нядоўгім, нядобрае – нядобрым, нячыстае – нячыстым, злачыннае – злачынствам". У невялічкім па памеры вершы "[[творы/анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-акіян-і-лужына|Акіян і лужына]]" ён выкрывае людзей з беспадстаўнымі прэтэнзіямі, маніяй велічы.\\ Лірычны герой многіх твораў А. Вярцінскага – няўрымслівы "[[творы/анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-дзівак-чалавек|дзівак-чалавек]]", які не можа змірыцца з няпраўдай, імкнецца да ўдасканалення навакольнай рэчаіснасці, не заўсёды задаволены вынікамі сваёй дзейнасці, марыць аб "цярністых шляхах з іх круцізною, з іх небяспечнай загадкаю", хоча годна прайсці свой шлях і не здацца нягодам. Нягледзячы на жыццёвыя недарэчнасці, няўдачы і расчараванні, гэты герой паўтарае, Што ёсць дабро на свеце,\\ Што будзе дабро,\\ Што пераможа дабро. Памяці маці прысвяціў А. Вярцінскі паэму "Заазер’е". З радкоў гэтага твора паўстае вобраз маці-працаўніцы, якая "была з тых, хто ў жыцці не кране птушаня", "каго крыўдзяць, як птушку, часта". Памерла маці – і асірацеў родны кут. Аплакваючы маці, аўтар узнімае праблему міласэрнасці, павагі да жанчыны, нагадвае сучаснікам пра святы абавязак дзяцей перад сваімі бацькамі.\\ Верай у перамогу дабра, гармоніі на зямлі напоўнена паэма А. Вярцінскага "Колькі лет, колькі зім!". Грозныя буры і стыхіі, якія праляталі над планетай, стараліся прыдаць жыццю неўладкаванасць, унесці ў яго дысгармонію. Але нязменна планета рухалася па шляху абнаўлення, перамагаючы зло: Чутна: вярнулася птушка з выраю,\\ песню спявае сваю ціхамірную.\\ Звісаюць з нябёс да ўлоння зямнога\\ плады залатыя жыцця... Перамога!\\ Перамаглі: гармонія – тлум,\\ добрая воля – гвалт і глум,\\ святло – карычневую чуму,\\ вясна – зіму. Многія радкі вершаў А. Вярцінскага створаны пад уплывам вуснай народнай творчасці (асабліва прыказак і прымавак), успрымаюцца як афарызмы. Напрыклад: "Нашто бяссрэбранікам серабро – пасрэдных людзей пасрэднік", "Не ўсе хочуць быць добрымі, ды хочуць усе дабраты", "Расстаёмся з самімі сабою – нехта з боем, а нехта без бою", "Самае лепшае свята на зямлі, калі яго спраўляюць двое". Паэт, працуючы ў розных паэтычных жанрах, спрыяў сціранню ўмоўных межаў паміж імі. Ён першы ў беларускай літаратуры стварыў новы жанр прозапаэзіі, які ўяўяляе з сябе своеасаблівы пераход ад вершаванай да празаічнай мовы.\\ У складаны час напярэдадні ХХІ ст. паэт, на думку А. Вярцінскага, павінен "гаварыць пра сябе як пра час і пра час – як пра сябе, гарэць у вершах усёй сваёй чалавечай сутнасцю", садзейнічаць дасягненню кожным чалавекам "высокага неба ідэала". Разважаючы над мінулым і сённяшнім жыццём чалавецтва, паэт у адным з вершаў зборніка "Ветрана" сцвярджае: Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.\\ Маральны самы, самы натуральны\\ пачатак гэты вось жыццестваральны.\\ Інакш – якая ад жыцця карысць?\\ Тварыць!\\ Жыццё даецца, каб жыццё тварыць,\\ Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць, –\\ Тварыць! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-рэквіем-па-кожным-чацв]] * [[творы/анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-гавары-са-мной-ласкава]] * [[творы/анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-цётка-плакала-па-ўсім-]] * [[творы/анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-аналіз-творчасці]] * [[творы/анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-медсястры]]