~~META: title = Жыццёвы шлях Аліндаркі – адлюстраванне горкай долі працоўнага народа (па паэме Ф. Багушэвіча "Кепска будзе!") &keywords = будзе, кепска, аліндарка, паэт, беларускага, герой, сын, айчым, няволі, жыццё, сялянства, бацька, людзі &abstract = Сачыненне "Жыццёвы шлях Аліндаркі – адлюстраванне горкай долі працоўнага народа" (па паэме Ф. Багушэвіча "Кепска будзе!") &iftrue = nan ~~ ====== Жыццёвы шлях Аліндаркі – адлюстраванне горкай долі працоўнага народа (па паэме Ф. Багушэвіча "Кепска будзе!") ====== Тут, здаецца, і сканаў бы,\\ За свабоду жыццё б даў бы! //Ф. Багушэвіч//\\ Ф. Багушэвічу было добра вядома цяжкае жыццё сялянства, якое задыхалася ад беззямелля, цярпела нястачы. У паэме "[[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-кепска-будзе|Кепска будзе!]]" паэт паказвае бесчалавечнасць царскіх чыноўнікаў і паноў, бясконцыя пакуты простага беларускага мужыка.\\ Аліндарка – галоўны герой твора – нарадзіўся ў сакавіку, нешчаслівым, па народных павер’ях, месяцы. Зімовыя запасы ўжо з’едзены, а да лета яшчэ далёка. "Кепска будзе!" – такімі словамі сустракае бацька нараджэнне сына, як быццам ведаючы наперад яго лёс: Як я толькі нарадзіўся –\\ Бацька сказаў: "Кепска будзе!"\\ Ну дык жа ж не памыліўся:\\ Здзекавалісь Бог і людзі. І словы бацькі спраўдзіліся. Ад самага нараджэння хлопчыка суправаджаюць няшчасці: недарэчнае хрышчэнне халоднай вадой з рэчкі, смерць бацькоў, галеча і голад. Даў прытулак сіраце айчым, які выхаваў Аліндарку працавітым, чулым, спагадлівым чалавекам. У дваццацігадовым узросце хлопца западозрылі ў імкненні ўхіліцца ад рэкруцтва (ён не быў запісаны ў метрычнай кнізе) і кінулі ў астрог. Айчым, які верыць, што "праўда гдзесьці не змёрла", бярэцца за цяжкую справу па выратаванні свайго прыёмнага сына. "Помні... мяне, сыну, а я хіба што загіну, а цябе вярну да вёскі". З торбай на плячах айчым абівае парогі судовых інстанцый Вільні і Ліды і дамагаецца свайго – вызваляя Аліндарку з няволі.\\ У паэме "Кепска будзе!" Ф. Багушэвіч паказвае шлях абуджэння чалавечай годнасці беларускага сялянства. Людзі, якія жылі на гэтай зямлі без свайго імя, пачынаюць шукаць і знаходзіць яго, пачынаюць усведамляць сваё чалавечае "я", сцвярджае паэт. Бяздольны, пазбаўлены чалавечых правоў, Аліндарка не страціў сваіх лепшых якасцей, добрых намераў. Хлопец вырас працавітым, кемлівым, з чулай душой. Жыццёвыя нягоды не зламалі героя, а, наадварот, загартавалі яго характар. Калі асэсар зневажае яго і б’е па твары айчыма, Аліндарка паводзіць сябе смела і рашуча. Ён дае належны адпор крыўдзіцелю, узяўшы яго загрудкі і пхнуўшы лбом у дзверы.\\ У астрозе Аліндарка сваімі вачыма бачыць здзекі і глумленні з людзей, часта ні ў чым не вінаватых. Ён спачувае ім, жадае хутчэйшага вызвалення. Турэмнае зняволенне, зняважлівыя адносіны да Аліндаркі турэмшчыкаў яшчэ больш развілі ў ім імкненне да свабоды. Птушка, нагадвае герой твора, каб не быць у няволі, б’ецца ў клетцы галоўкай, пакуль не заб’ецца; злоўленая лісіца распорвае сабе чэрава, каб памерці, а не жыць у няволі; нават змяя-мядзянка, зачыненая ў шкляным посудзе, будзе джаліць сябе, пакуль не загіне. І таму свабода для Аліндаркі раўнацэнна жыццю. "Тут, здаецца, і сканаў бы, за свабоду жыццё б даў бы!" – усклікае ён.\\ Расказваючы пра цяжкі лёс Аліндаркі, Ф. Багушэвіч паказвае невыносныя ўмовы жыцця беларускага народа, вострую нянавісць яго да прыгнятальнікаў, абуджэнне пачуцця чалавечай годнасці, смеласці і свабодалюбства. Такім людзям будзе кепска да той пары, сцвярджае паэт, пакуль яны не пераадолеюць сваёй патрыярхальнасці і не пачнуць актыўна змагацца з несправядлівасцю і прыгнётам. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/францішак-багушэвіч/творчасць-францішка-багушэвіча]] * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-ахвяра]] * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-гора]] * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-бог-не-роўна-дзеле]] * [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-смык]]