Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


аналіз-і-крытыка:жыццёвая-дарога-міхала-паэма-якуба-колас

Гэта старая версія дакумента!


Жыццёвая дарога Міхала (паэма Якуба Коласа "Новая Зямля")

Паэма Я. Коласа «Новая зямля» – вяршыня паэтычнага майстэрства песняра. Працаваў над ёй аўтар больш за дванаццаць гадоў: паэма была пачата ў 1910 г., а апошні раздзел – трагічная развязка – напісаны ў 1923 г. З аповесці аб жыцці адной лесніковай сям’і паэма перарастае ў вялікі твор аб жыцці беларускага сялянства ў канцы ХІХ ст. (яго быце, звычаях, беззямеллі, збядненні, пошуках кавалка хлеба на панскай службе, яго абуджэнні і ўсведамленні сваёй чалавечай годнасці). Праблемы зямлі і волі з’яўляюцца асноўнымі ў творы.
Галоўны герой паэмы – Міхал. Беззямелле і галеча прымушаюць яго «вандраваць»у жыцці: «хадзіў на сплаў ён, на віціны, разоў са два хадзіў у Прусы», а пасля наняўся лесніком да князя Радзівіла. Міхал працуе не шкадуючы сіл, здароўя. Ён ахоўвае лес, даглядае за статкам, «правіць»сенакосы, «ставіць» рабочых, выконвае шматлікія загады і даручэнні пана ляснічага. У працы ён знаходзіць задавальненне, верыць у яе як аснову жыцця і дабрабыту, спадзяецца сваімі рукамі здабыць сваё шчасце. Дзякуючы руплівай і стараннай працы, неабжытыя і занядбалыя куткі, у якіх апынаецца герой паэмы, становяцца ўтульнымі і квітнеючымі:

Ўсё зацвіло, загаманіла,
Бы жыватворная тут сіла
Ад сну прыроду абудзіла.

Міхал – чалавек клапатлівы, спагадлівы. Ён верны муж і патрабавальны бацька. Шчыра любячы дзяцей, ён часам сур’ёзна ставіцца да іх. Наймаючы «дарэктара», Міхал спадзяецца: «а вось мо’ з меншых што і будзе, няхай яны ўжо йдуць у людзі». Герой твора чула адносіцца да брата Антося і разам з ім любіць пажартаваць, павесяліцца, падзяліцца земляробчай мудрасцю.
Працуючы ў Радзівіла, Міхал сутыкаецца з жорсткімі і няўмольнымі законамі, якім трэба падпарадкоўвацца працоўнаму чалавеку. Служба ставіць яго ў поўную залежнасць ад волі пана ляснічага. Прыгнёт, знявага, прыніжэнне, лаянка, пагрозы, варожыя адносіны сялян – усё гэта цяжкім грузам кладзецца на душу Міхала. Героя не задавальняюць умовы жыцця і працы, і ён шукае выйсця з цяжкага паднявольнага становішча.

А дзе ж той выхад? дзе збавенне
З няволі цяжкай, з паланення?
Адзін ён ёсць: зямля, зямля,
Свой пэўны кут, свая ралля:
То – наймацнейшая аснова
І жыцця першая умова.
Зямля не зменіць і не здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць.

Вызваліцца з-пад улады пана, стаць свабодным, на думку Міхала, можна шляхам набыцця зямлі:

Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,
Каб з панскіх выпутацца пут,
І там зажыць сабе нанова:
Свая зямля – вось што аснова!

Думка аб зямлі свяціла Міхалу «зоркай яснай» у самыя змрочныя дні, надаючы сэнс яго жыццю. Зямля ва ўяўленні Міхала – «аснова ўсёй айчыне», надзея на вызваленне «з няволі цяжкай, з паланення», «промень волі і свабоды». Стаць гаспадаром на сваёй зямлі – значыць стаць распарадчыкам свайго лёсу:

Свая зямля, свая пасада!
Ці ёсць мацнейшая прынада?

Мара Міхала аб зямлі высакародная, узвышаная. Гэта не дробнаўласніцкі разлік (як раней лічылася ў літаратурнай крытыцы), а спроба духоўнага разняволення, самасцвярджэння асобы. Зямля павінна належаць таму, хто на ёй працуе. Галоўны герой хоча быць гаспадаром на сваёй зямлі. І калі б так стала, Міхал здабыў бы свабоду, незалежнасць, дабрабыт, адчуў бы асалоду вольнай працы. Але мара аб набыцці зямлі аказалася неажыццявімай, ілюзорнай. Міхал памірае з надзеяй, што Антось прадоўжыць пачатую ім справу:

Вядзі ж ты, рэй, вядзі…адзін…
Як лепшы брат, як родны сын.
Бог не судзіў мне бачыць волі
І кідаць зерні ў свае ролі…

Лёс Міхала з пункту гледжання сённяшняга дня ўспрымаецца з болем і трывогай. Я. Колас нібы прадчуваў трагічнасць шляху беларускага селяніна да сваёй зямлі. І рэальнае жыццё паказала, што справа Міхала не магла быць прадоўжана. Масавая калектывізацыя канца 20 – пачатку 30-х гадоў, якая нібы ратавала селяніна ад беднасці і забяспечвала шчаслівую будучыню, разбурыла сялянскія ідэалы і тым самым пацвердзіла марнасць шляху Міхала (і ўсяго сялянства) да зямлі. Мара Міхала аб уласнай зямлі ў паэме становіцца бяскрылай, пераўтвараецца ў ідэю без будучыні.
Паэма Я. Коласа «Новая зямля», напісаная даўно, гучыць надзённа і сёння. Яна вучыць паважаць працу хлебароба, якая з’яўляецца не толькі крыніцай дабрабыту, але і асновай фарміравання вышэйшых маральных норм і якасцей чалавека.

Падобныя старонкі

  • якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака
  • якуб-колас/творчасць-якуба-коласа
  • якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-
  • якуб-колас/карціны-роднай-прыроды-ў-паэме-новая-зям
  • якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя
аналіз-і-крытыка/жыццёвая-дарога-міхала-паэма-якуба-колас.1755861250.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:14 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki