~~META: title = Давераснёўская лірыка Максіма Танка &keywords = бэзу, танк, вясна, верш, кулікоў, падпольшчык, народа, селяніна, барацьбу, сына, свабоду, раз’яднанасці, людзей, пратэсту &abstract = Давераснёўская лірыка Максіма Танка &iftrue = nan ~~ ====== Давераснёўская лірыка Максіма Танка ====== Максім Танк лічыцца заснавальнікам рэвалюцыйнай літаратуры ў былой Заходняй Беларусі. Ужо на старонках першай кнігі "На этапах", якая была канфіскавана паліцыяй, паэт-падпольшчык паказвае лёс і духоўны свет заходнебеларускіх працоўных.\\ Героем многіх давераснёскіх твораў М. Танка з’яўляецца прафесійны рэвалюцыянер. Мастацкай пераканаўчасцю вылучаецца верш "[[творы/максім-танк/максім-танк-спатканне|Спатканне]]", у аснову якога леглі рэальныя факты з жыцця палітычных зняволеных. Стары селянін прыходзіць да сына (палітычнага вязня) на спатканне. Замест сына-пакутніка бацька ўбачыў мужнага байца, чалавека, моцнага духам, якога не палохае асабістая няволя.\\ Верш "Паслухайце, вясна ідзе" прадаўжае тэму, вызначаную ў "Спатканні". Палітвязень, устаўшы вясновай раніцай, не пазнаў куста бэзу: ён "расцвіў, агнём гарыць, такім пахучым, мяккім, сінім". Бэз – вястун новай, заўтрашняй вясны. Цвіценне бэзу – надзея нявольніка на хуткае вызваленне, вяртанне на свабоду, а свабода – гэта найвялікшае хараство. І як нельга спыніць цвіцення бэзу, так нельга ніякімі мурамі зламаць волю барацьбіта. І таму вельмі зразумелае жаданне героя верша вырвацца з-за кратаў на свабоду: Я ціха разбудзіў другіх,\\ Ад слёз сінелі вочы бэзам.\\ І недзе хруснула ў худых\\ Руках іржавае жалеза. Імкненне народа да ажыццяўлення вызваленчых нацыянальных задач знайшло сваё адлюстраванне ў журботна-лірычным вершы "Песня кулікоў". Пад завыванне завірухі селянін, які зведаў усе цяжкасці паднявольнага жыцця, гутарыць з госцем (падпольшчыкам): Бачыш: у нас голад, жыць нялёгка, браце,\\ Хлеб на стол кладзецца толькі для гасцей.\\ Добра, калі хопіць бульбы ў нашай хаце\\ Да вясны, да першых з выраю гусей... У словах селяніна адчуваецца нянавісць да прыгнятальнікаў, хваляванне за будучыню народа, заклапочанасць не толькі сваім матэрыяльным становішчам, адсутнасцю ў хаце маладога гаспадара (сына яго пасадзілі на 10 гадоў у астрог), але і нацыянальнымі праблемамі ("Каб далі вучыцца нам на мове роднай"). Рэвалюцыянер-падпольшчык умацоўвае веру старога селяніна ў хуткае вызваленне і шчаслівую будучыню: Кажаш, – ужо хутка выпрастаем плечы,\\ Кажаш аб шырэйшых нівах, аб вясне.\\ Вось і я, здаецца, вылез бы з-за печы,\\ Хай пакліча толькі моладзь і мяне. Верш прасякнуты сімволікай. Вельмі мнагазначным з’яўляецца матыў песні кулікоў, якія звычайна спяваюць вясной. Маладая жанчына, жонка асуджанага, напявае малому калыханку, і ёй самой здаецца, што гэта не мяцеліца галосіць у полі, а ў імгле плачуць кулікі: Спі, засні, маленькі... або лепш паслухай,\\ Як, зблудзіўшы недзе, плачуць кулікі. Песня кулікоў зімой – гэта добры знак, прадвяшчэнне лепшай долі. І хоць мяцеліца, сімвал прыгнечанасці, яшчэ вые ў полі, але яе змяняе спеў кулікоў. Сустрэча юнака-падпольшчыка і старога селяніна сведчыць аб еднасці пакаленняў, у якіх адзіная мэта, адзінае жаданне.\\ У давераснёўскай лірыцы М. Танк з напружанай шчымлівасцю расказвае пра шматпакутную гісторыю народа, хараство родных палёў, лясоў, пра беларускую мову, скарбы народнага мастацтва. Ён узнімае голас пратэсту супраць жорсткай раз’яднанасці людзей ва ўласніцкім свеце. У гэты перыяд ён піша паэмы "Нарач", "Журавліны цвет", "Каліноўскі". Падзеям верасня 1939 г. М. Танк прысвяціў верш "Здарова таварышы", у якім выказаў пачуцці вызваленых працоўных Заходняй Беларусі, паказаў іх нялёгкую барацьбу з прыгнятальнікамі.\\ Давераснёўскую творчасць сам Максім Танк назваў "паэзіяй народнага гора і барацьбы". У творах гэтага перыяду знайшлі праўдзівае адлюстраванне цяжкае жыццё народа, яго імкненне да вызваленчай барацьбы, пратэст супраць штучнай раз’яднанасці людзей, вера ў непазбежнасць падыходу лепшых дзён. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-танк/матывы-і-вобразы-паэзіі-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/ідэйны-змест-паэмы-максіма-танка-люцыян]] * [[творы/максім-танк/жыццё-і-творчасць-максіма-танка]] * [[постаці/максім-танк]] * [[творы/максім-танк/давераснёўская-творчасць-максіма-танка]]