~~META: title = Гімн жанчыне-маці ў беларускай літаратуры &keywords = маці, голас, камень, сын, сэрца, вобраз, дзяцей, верша, танк, смерць &abstract = Сачыненне "Гімн жанчыне-маці ў беларускай літаратуры" &iftrue = nan ~~ ====== Гімн жанчыне-маці ў беларускай літаратуры ====== У сусветнай літаратуры і мастацтве ёсць вобраз, якога не мінуў у сваёй творчасці ні адзін значны пісьменнік, мастак, скульптар, паэт. Ён авеяны самай высокай паэзіяй. Гэты вобраз – увасабленне дабрыні, самаахвярнасці, бескарыслівасці. Ён называецца кароткім, але вельмі дарагім для чалавека словам – маці.\\ Маці – найдаражэйшы на свеце чалавек. Ніхто не можа так горка і ціха тужыць, як маці. Ніхто не ўмее так любіць, як маці, не ўмее так цярпець і ахвяраваць сабой. І адразу ўспамінаецца старадаўняя прытча пра юнака, які ў ахвяру няўмольнай і хцівай каханцы прынёс матчына сэрца. Ён бег з ім у руках, спатыкнуўся аб камень і застагнаў. "Ой, табе ж баліць, сынок! Ідзі цішэй, дзіцятка", – прашаптала чулае матчына сэрца. Кожная сынава драпіна адзывалася ў матчыным сэрцы нясцерпным болем, гора і няўдачы дзіцяці станавіліся яе горам і пакутамі.\\ Аб самаахвярнасці маці, яе гатоўнасці ў любы момант засланіць сваіх дзяцей ад бяды і небяспекі ў беларускай літаратуры створана нямала твораў, і адзін з іх – верш А. Куляшова "[[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-маці|Маці]]". У ім расказваецца аб цяжкім чаканні маці свайго сына. На шчасце, каб сын хутчэй вярнуўся, маці пасеяла зярняткі. Але яны ўпалі на камень і не ўзышлі. Дарэмна чакае маці: Не ўзыдуць зярняты,\\ Бо ўпалі на камень шчарбаты.\\ Не першая ты\\ Каля камня заходзішся з жалю.\\ Не раз на ім сеялі, але ні разу не жалі. І тады маці тройчы пракляла камень. Ад матчыных слёз "стаў камень зямлёю, сама ж яна каменем стала". Толькі тады ўзышлі зярняты і дахаты вярнуўся сын. Вось такая вялікая моц матчынай любові і вернасці.\\ Голас маці, на думку М. Танка, можа не толькі прымусіць жыць і змагацца, але нават вярнуць з таго свету: Голас незнаёмага можа здзівіць,\\ Голас друга – на хвіліну спыніць,\\ Голас любай – сагрэць сонцам лета,\\ Голас маці – вярнуць з таго свету.\\ ("Голас") Праз якія толькі выпрабаванні не прайшла жанчына-маці дзеля шчасця сваіх дзяцей. Для маці, якая праводзіла на вайну сваіх сыноў, кожны салдат будзе здавацца сынам. У цэнтры апавядання Я. Брыля "[[творы/янка-брыль/янка-брыль-маці|Маці]]" – трагічны лёс сціплай і мужнай жанчыны. Шмат гора зведала яна на сваім шляху (служба парабчанкай у панскім двары, смерць мужа, трывога за двух старэйшых сыноў, якіх выгнала з хаты вайна, і малодшага Васіля). У цяжкую для іх часіну маці дала прытулак знясіленым палонным, што ўцяклі з фашысцкага лагера. А раніцай за гэты ўчынак яна расплацілася жыццём. Ідучы на смерць, маці не просіць ні літасці, ні спагады. Па твары яе цякуць слёзы крыўды за чужых маці, якія нарадзілі фашыстаў-нелюдзяў. Маці моліцца за палонных, з якімі так зрадніла яе доля, за сыноў, і за сваіх і за чужых.\\ Аб болю і трывозе чакання, якое здаецца бязмерна доўгім, – верш М. Танка "[[творы/максім-танк/максім-танк-маці|Маці]]". Старая жанчына доўгімі начамі вышывае кашулю сыну, які змагаецца ў партызанскім атрадзе. На кашулі яна тчэ закляцце: Закляцце ад варожай кулі,\\ Ад лютай смерці, ад пятлі,\\ Ад груганоў, каб праз кашулю\\ Дастаць да сэрца не змаглі. Маці верыць, што гэта кашуля ўратуе сына ад варожай кулі і ён вернецца жывым.\\ Пра трагічны лёс маці-паланянкі расказваецца ў паэме П. Броўкі "[[творы/пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-голас-сэрца|Голас сэрца]]", якая прасякнута вялікім і бязмерным горам за маці і за ўсіх, хто загінуў у Асвенціме. У імя перамогі над фашысцкімі захопнікамі свядома ідзе на смерць Сцепаніда Багацька з аповесці В. Быкава "[[творы/васіль-быкаў/васіль-быкаў-знак-бяды|Знак бяды]]". Дзесяткі лёсаў жанчын, кінутых у пекла вайны, сабрала ў кнізе "У вайны не жаночае аблічча" [[постаці/святлана-алексіевіч|С. Алексіевіч]]. Са старонак гэтай кнігі паўстаюць духоўна прыгожыя, мужныя, здольныя на подзвіг простыя жанчыны, якія пакінулі сваю маладосць на палях вайны.\\ Без светлага вобліку маці-працаўніцы, маці-руплівіцы немагчыма ўявіць ні роднай хаты, ні самага дарагога кутка на зямлі. Маці – увасабленне і прыклад чалавечай дабрыні, высакароднасці, працавітасці. Сапраўдным гімнам маці з’яўляецца верш М. Танка "[[творы/максім-танк/максім-танк-рукі-маці|Рукі маці]]". У ім – цэлы свет чалавечага жыцця з бясконцымі клопатамі і трывогамі, з бяссоннымі начамі, самаахвярнай любоўю да дзяцей. На руках маці шмат слядоў, шрамаў, якія пакінулі праца, цяжкія жыццёвыя пуцявіны і дарогі. Але калі маці пакладзе свае спрацаваныя, мазольныя рукі на стол, "быццам ад сонца, ад іх пасвятлее ў хаце і ў сэрцы".\\ У творах беларускіх пісьменнікаў гучаць пранікнёныя словы ўдзячнасці маці за падараванае жыццё, за бяссонныя ночы, праведзеныя над калыскай, за дні, поўныя клопатаў і турбот, трывогі і болю, якія часам прычынялі ёй дзеці, самі таго не ўсведамляючы, за добрае сэрца і чулую душу: Дзякуй, маці, што мне падарыла\\ Ты любоў да зямлі маёй роднай,\\ Дзе ўсміхаецца сонца так міла,\\ Дзе бягуць хвалі рэк мнагаводных.\\ (Е. Лось. "[[творы/еўдакія-лось/еўдакія-лось-маці|Маці]]") Пра маці можна гаворыць бясконца. Вобраз яе не пакідае беларускіх пісьменнікаў у іх блуканнях па жыццёвых і творчых дарогах. І пакуль жыве маці, пакуль сустракае нас яе ласкавая ўсмешка, пакуль у дні поспехаў і страт ёсць каму сказаць пявучае слова "мама", мы адчуваем сябе маладымі і дужымі, упэўненымі ў заўтрашнім дні. І таму трэба берагчы, шанаваць і любіць сваіх маці, не гора, а радасць і кветкі прыносіць ім. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>да-маці]] * [[ibdc.ped>сустрэча-з-маці]] * [[ibdc.ped>i-надыходзіць-дзень]] * [[творы/янка-золак/янка-золак-ода-маці]] * [[ibdc.ped>на-скрыжаванні]]