Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


аналіз-і-крытыка:вобраз-сымона-ў-драме-я-купалы-раскідана

Гэта старая версія дакумента!


Вобраз Сымона ў драме Я. Купалы "Раскіданае Гняздо"

Драма «Раскіданае гняздо» напісана Я. Купалам у 1913 г. на аснове фактаў з сям’і дзеда Ануфрыя, у якога князь Радзівіл адабраў зямлю і хату. Асэнсоўваючы сямейную трагедыю як агульнанародную, Я. Купала паказаў у творы цяжкі шлях беларускага сялянства ў пошуках страчанай бацькаўшчыны, зямлі і волі.
Галоўны герой драмы – Сымон, старэйшы сын Зяблікаў. Гэта свабодалюбівы, непакорны, моцны духам чалавек. Ён здольны абараніць сваю чалавечую годнасць, заступіцца за іншых. «Свайго ў крыўду не папушчу, хоць бы там свет дагары нагамі перакуліўся», – гаворыць ён. Зоська і Незнаёмы параўноўваюць яго з вольнай птушкай, магутным арлом: «Птушкаю-арлом быць бы табе і лётаць па паднябессі, як лётае вецер гэты вольны!»
Вобраз Сымона пададзены ў развіцці. Спачатку ён, як і яго бацька, спадзяецца на справядлівасць суда і законаў. Упэўнены ў сваёй праваце, ён, калі дваровыя людзі заворваюць пасевы, з сякераю ў руках бароніць сваю зямлю. Як чалавек рашучы, настойлівы і ўпарты, Сымон хоча дабіцца праўды ўласнымі сіламі. На бацькавай магіле ён дае клятву «жывым не сысці з гэтага месца, з гэтага разграбленага гнязда… хай б’юць, рэжуць, катуюць». На прапанову маці скарыцца, пайсці да паніча на службу Сымон рашуча адказвае: «Пакарыцца?.. Гэта, мамачка, значыць: прадаць, утапіць сябе, цябе, нас усіх у няволю ім на векі вечныя – запрасіцца ў вечнае рабства, з якога выхаду ніколі не знойдзем ні мы, ні тыя, што пасля нас рабства ў спадчыну атрымаюць». Прымірыцца з панічом для Сымона – гэта здрадніцтва, адступніцтва. Становіцца зразумелым, чаму герой так строга асуджае Зосю, якая свядома пайшла на сувязь з панічом і аддала сябе на «загубу, на глум вечны».
Шлях да актыўнай і дзейснай барацьбы Сымон адшукаў не адразу. Пераканаўшыся ў марнасці намаганняў сваімі сіламі дабіцца справядлівасці, Сымон пачынае задумвацца над сэнсам бацькавых слоў, што «трэба розумам ваяваць, а не тапаром». Пад уплывам перажытага (смерці бацькі, страты зямлі і хаты, ганьбы Зоські), а таксама агітацыі Незнаёмага погляды галоўнага героя драмы на шляхі вызвалення з няволі мяняюцца: «І я розумам буду ваяваць і другіх вучыць да гэтае вайны. Годзе крыўды, годзе няпраўды!» Разам з Незнаёмым ён ідзе «на вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!» На гэтым сходзе, па словах Незнаёмага, будзе вырашацца пытанне аб тым, як выгнаць з роднай зямлі сташнага смока-упыра, як далей змагацца за поўнае вызваленне.
Такім чынам, на прыкладзе Сымона Я. Купала паказаў працэс абуджэння нацыянальнай свядомасці беларускіх сялян, пошукі імі шляхоў да вызвалення. Адшукаць страчаную бацькаўшчыну, вырвацца з-пад прыгнёту і ўціску, здабыць зямлю і волю можна толькі шляхам барацьбы, змагання – такая асноўная думка твора.

Падобныя старонкі

  • якуб-колас/якуб-колас-у-яго-быў-свет-цікавы
  • паэма-якуба-коласа-сымон-музыка
  • якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака
  • іншае/сымон-будны
  • янка-купала/янка-купала-пясняр-беларускага-народа
аналіз-і-крытыка/вобраз-сымона-ў-драме-я-купалы-раскідана.1755861396.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:16 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki