~~META: title = Беларуская драматургія 80-90-х гг. (агульны агляд) &keywords = петрашкевіча, праблемы, уладзіміра, дударава, драматург, жыцця, гісторыі, алесь, адцуранне, бездань, вострай, маральна-этычныя, навакольнага, напісанае &abstract = Сачыненне "Беларуская драматургія 80-90-х гг. (агульны агляд)" &iftrue = nan ~~ ====== Беларуская драматургія 80-90-х гг. (агульны агляд) ====== Беларуская драматургія 80-90-х гадоў ХХ стагоддзя вызначаецца багаццем і разнастайнасцю тэматыкі, актуальнасцю праблем. Яе немагчыма ўявіць без творчасці Аляксея Дударава, Мікалая Матукоўскага, Алеся Петрашкевіча.\\ Вядомыя чытачу і гледачу п’есы А. Дударава "Выбар", "[[творы/аляксей-дудараў/аляксей-дудараў-вечар|Вечар]]", "[[творы/аляксей-дудараў/аляксей-дудараў-парог|Парог]]", "[[творы/аляксей-дудараў/аляксей-дудараў-радавыя|Радавыя]]", "Адцуранне", "Купала" прысвечаны тэме вайны, маральна-этычным і духоўным праблемам, нялёгкім пошукам героямі свайго жыццёвага шляху. У п’есах М. Матукоўскага ("Мужчына, будзь мужчынам!", "[[творы/мікола-матукоўскі/мікола-матукоўскі-амністыя|Амністыя]]", "[[творы/мікола-матукоўскі/мікола-матукоўскі-мудрамер|Мудрамер]]", "Бездань", "Калізей"), драматурга вострай сацыяльнай накіраванасці, бескампраміснай грамадзянскай пазіцыі, раскрываюцца маральна-этычныя праблемы, асуджаюцца бюракратызм, чыноўніцтва, кар’ерызм, абыякавасць, узнімаюцца пытанні аховы навакольнага асяроддзя. Творам А. Петрашкевіча, аўтара п’ес "Трывога", "Соль", "Укралі кодэкс", "Мост упоперак ракі", "[[творы/алесь-петрашкевіч/алесь-петрашкевіч-напісанае-застаецца|Напісанае застаецца]]", "[[творы/алесь-петрашкевіч/алесь-петрашкевіч-прарок-для-айчыны|Прарок для Айчыны]]", "Куды ноч, туды сон", "Дагарэла свечачка да палічкі", "Злавеснае рэха", уласцівы публіцыстычнасць, дынамізм сюжэта, спалучэнне народнага гумару і вострай сатыры.\\ Час патрабаваў ад драматургаў адлюстравання суровай праўды жыцця, стварэння праўдзівых характараў сваіх сучаснікаў. Таму лейтматывам многіх п’ес з’яўляецца думка аб складанасці жыцця, месцы і ролі ў ім чалавека. Разам з традыцыйнымі тэмамі (подзвіг у Вялікай Айчыннай вайне, мірная стваральная праца, жыццё калгаснай вёскі, маральна-этычныя праблемы) у беларускай драматургіі ўзнікаюць новыя. І адна з іх – белыя плямы ў гісторыі беларускага народа і час змрочных рэпрэсій. У драме І. Чыгрынава "Чалавек з мядзведжым тварам" узнімаецца праблема асабістай адказнасці за лёс людзей і краіны ў змрочныя часы сталіншчыны. Былы член НКУС, член сталінскіх "троек" каецца ў злачынствах, не адмаўляючы сваёй асабістай віны.\\ Абвостраная цікавасць да гісторыі Бацькаўшчыны, сучаснае асэнсаванне падзей далёкага мінулага, узнаўленне жыцця і дзейнасці выдатных гістарычных асоб і гістарычных падзей характэрны для драматычных твораў У. Караткевіча ("[[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-званы-віцебска|Званы Віцебска]]", "[[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-маці-ўрагану|Маці ўрагану]]"), Э. Скобелева ("Кастусь Каліноўскі"), А. Петрашкевіча ("Напісанае застаецца", "Прарок для Айчыны"), І. Чыгрынава ("[[творы/іван-чыгрынаў/іван-чыгрынаў-звон-не-малітва|Звон – не малітва]]", "Следчая справа Вашчылы"), Р. Баравіковай ("[[творы/раіса-баравікова/раіса-баравікова-барбара-радзівіл|Барбара Радзівіл]]"), М. Арочкі ("Судны дзень Скарыны"), У. Дзюбы ("Мікалай Судзілоўскі"), М. Арахоўскага ("Машэка") і інш. У творах ажываюць у мастацкіх вобразах падзеі і героі беларускай гісторыі – Ізяслаў, Рагнеда, Васіль Вашчыла, Барбара Радзівіл, Скарына, Кастусь Каліноўскі, старонкі Віцебскага паўстання 1623 г., Крычаўскага паўстання 1743-1744 гг. і інш.\\ Экалагічная тэма прадстаўлена драматычнымі творамі А. Петрашкевіча ("Соль"), М. Матукоўскага ("[[творы/мікола-матукоўскі/мікола-матукоўскі-бездань|Бездань]]"), А. Дударава ("[[творы/аляксей-дудараў/аляксей-дудараў-адцуранне|Адцуранне]]"). У іх гучаць трывожныя і заклапочаныя словы аб тым, што паветра, вада і зямля – аснова ўсяго жывога на зямлі – забруджваюцца, што неабходна з выключнай адказнасцю ставіцца да ўсяго навакольнага і зрабіць кожны куточак зямлі лепшым, прыгажэйшым.\\ Значнае месца ў драматургіі 80-90-х гадоў займалі маладыя аўтары. Вялікую папулярнасць і сцэнічнае жыццё атрымалі п’есы Уладзіміра Бутрамеева, Галіны Каржанеўскай, Уладзіміра Сауліча, Ігара Сідарука, Сяргея Кавалёва, Уладзіміра Клімовіча, Алеся Асташонка, Міколы Казачонка, Андрэя Федарэнкі, Уладзіміра Іскрыка і інш. Драматургі скіроўвалі сваю ўвагу на праблемы ўзаемаадносін чалавека і грамадства, асобы і ўлады, стану сістэмы педагагічнага выхавання, агульначалавечыя праблемы маралі, сумлення, чысціні душы, выкрывалі кар’ерызм, меркантылізм, карыслівасць, чэрствасць, эгаізм і іншыя людскія заганы. У творах маладых драматургаў намячаюцца спробы развіцця жанру п’есы. Так, фарс-абсурд "Галава" І. Сідарука створаны па прынцыпах тэатра абсурду, п’еса "[[творы/іншае/уладзімір-сауліч-сабака-з-залатым-зубам|Сабака з залатым зубам...]]" У. Сауліча лічыцца трагіфарсам, "Беркуты" У. Клімовіча – трагедыяй-"прыпавесцю","Нябесныя мігдалы" У. Іскрыка – містэрыяй (духоўнай трагедыяй). ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/сучасная-беларуская-драматургія-гдз]] * [[творы/янка-купала/драматургічнае-майстэрства-янкі-купалы]] * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/сучасная-беларуская-драматургія]] * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/сучасная-драматургія-беларусі]]