~~META: title = Асноўныя матывы творчасці Сяргея Законнікава &keywords = паэт, законнікава, людзей, час, жыцця, духоўнага, свет, зямлі, бяды, паэма, праблемы &abstract = Асноўныя матывы творчасці Сяргея Законнікава &iftrue = nan ~~ ====== Асноўныя матывы творчасці Сяргея Законнікава ====== Дзе ўзяць той мёртвай і жывой вады,\\ Каб імі пакрапіць маю зямлю?\\ І мушу, як замову ад бяды,\\ Шаптаць адно-адзінае: "Люблю..."\\ //С. Законнікаў//\\ Творчасць Сяргея Законнікава сведчыць аб яго непаўторным асэнсаванні рэчаіснасці, уменні гаварыць з чытачом эмацыянальна-напружана і ў той жа час душэўна-даверліва. Сваю жыццёвую пазіцыю паэт адкрыта заявіў у вершы "Спрадвечны круг жыцця і смерці": Я ведаю, спазнаўшы поўна\\ Цану і радасці і бед,\\ Мне не ўсё роўна, не ўсё роўна,\\ Якім пакіну белы свет.\\ Я кроўнасцю намёртва звязан\\ З усім, што будзе, ёсць, было.\\ І мой галоўны абавязак\\ Рабіць дабро і нішчыць зло. У паэтычных зборніках "Пакуль жыве мая бяроза", "Вера, надзея, любоў", "Сутнасць", "Заклінанне", "Святая воля" С. Законнікаў асэнсоўвае гістарычныя падзеі ў сувязі з днём сённяшнім, разважае над складанымі праблемамі сучаснага існавання людзей, асуджае мяшчанскія погляды на свет чалавечых пачуццяў, выступае супраць вайны, паказвае мужнасць людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Звяртаючыся да свайго сучасніка, паэт напамінае: "Ты сам зямлі часцінка... Ёй – маці – не змані, каб не сысці з гасцінца любові, дабрыні".\\ У С. Законнікава асабліва многа вершаў аб жыцці і смерці. Асэнсоўваючы праблемы жыцця, паэт падыходзіць да іх вырашэння аптымістычна, жыццесцвярджальна: Даўно з бяссмерцем людзі ў добрай згодзе.\\ Яно заўжды трымаецца на тым –\\ Мы каласамі ў гэты свет прыходзім,\\ Каб сілу даць зярняткам залатым. Паэма С. Законнікава "Чорная быль" прысвечана жахлівай экалагічнай катастрофе на Чарнобыльскай АЭС. У ёй аўтар спрабуе выявіць прычыны трагедыі, заклікае да барацьбы з беспрынцыповасцю, безадказнасцю, абыякавасцю людзей, папярэджвае аб наступленні духоўнага Чарнобылю: Калі ж і зараз ты не загукаеш,\\ А будзеш жыць пад страхам і прынукай,\\ Чарнобыль не такі яшчэ чакае\\ Тваю зямлю, тваіх дзяцей і ўнукаў. Аўтар паэмы паказвае трагічны лёс старых людзей, якія ўсё жыццё пражылі на гэтай зямлі, а зараз вымушаны ехаць на чужыну. Паэт нагадвае выпадак з бабуляй, якую затрымалі ў зоне забруджвання. Ёй напомнілі, што навакол радыяцыя, а старая "выцірала слёзы чорнай ссохлай жменькай": Дзеці не пускалі, уцякала, як злодзей.\\ Самі мае ножанькі прывялі да дому... Драматычным напалам, пачуццём адказнасці за ўсё, што адбываецца на роднай зямлі, патрабаваннем праўды жыцця, няхай суровай і горкай, поўняцца радкі паэмы С. Законнікава: Маўчыць, нібы камень, зямля,\\ Палын невядомасцю свеціць...\\ Што будзе, што будзе пасля? –\\ Не скажа ніхто ў гэтым свеце.\\ Ёсць праўда адна – праўдай жыць,\\ Няхай і суровай, і горкай...\\ У небе над намі стаіць,\\ Як зніч, палыновая зорка. Паэма С. Законнікава "Зязюля" ("Полымя", 1996, № 4) прысвечана народнаму пісьменніку Беларусі [[постаці/васіль-быкаў|Васілю Быкаву]]. У 17 яе частках з выключнай завостранасцю ўзнімаюцца актуальныя праблемы нашага часу: чарнобыльская трагедыя, адраджэнне Бацькаўшчыны, яе мовы, культуры, сучаснае грамадскае жыццё, абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці, лёс будучыні краіны. Тут і нагадванне слаўнай мінуўшчыны Беларусі, і горкі роздум над сучасным яе станам, і папрок у безадказнасці перад гісторыяй, часам, і адчуванне віны за лёс будучых пакаленняў, і асуджэнне рэнегацтва, здрадніцтва, сквапнасці і хцівасці дзяржаўных чыноўнікаў... Праблема нацыянальнага гора, бяды выходзіць далёка за межы чарнобыльскай трагедыі. Глабальнасць нацыянальнай катастрофы бачыцца ў "распадзе душы беларускай", якую можна выратаваць толькі шляхам нацыянальнага і духоўнага адраджэння. Паэт як бы перасцярагае ад непапраўнай бяды, просіць:"Толькі не патушы свечку сваёй душы!"\\ Цэнтральным, скразным вобразам паэмы з’яўляецца зязюля. Душа і выяўленне беларускага лесу, яна не толькі напамінае чалавеку пра яго маленства, "дзе сонца, як мама, цалуе ў макушку", але і нагадвае аб хуткаплынннасці, скарацечнасці чалавечага жыцця: Хутка змяце, як вецер,\\ Семя пустое час.\\ Будуць усе на свеце,\\ Толькі не будзе нас. Зязюля- вяшчунка – гэта і прадказанне анямелых брагінскіх лясоў, і прадбачанне духоўнага Чарнобыля, і прароцтва чалавечага існавання наогул. Бацькаўшчына ўяўляецца паэту ў вобразе бяздомнай, гаротнай зязюлі. Будучыня яе залежыць ад усведамлення таго, што неабходна віць "уласнае гняздо, будаваць свой нацыянальны дом". Паэт упэўнены, што ...прыйдзе той час,\\ сціхнуць спрэчкі і сваркі,\\ Мы дружнай сям’ёю засцелем абрус,\\ Каб высака ўзняць крышталёвыя чаркі\\ За веліч і славу тваю, Беларусь.