~~META: title = Асноўныя матывы творчасці Змітрака Бядулі &keywords = жыцця, бядуля, твора, беларускай, прыроды, людзей, тэатра, смерці, пісьменніка, літаратуры, герой &abstract = Сачыненне "Асноўныя матывы творчасці Змітрака Бядулі" &iftrue = nan ~~ ====== Асноўныя матывы творчасці Змітрака Бядулі ====== [[постаці/змітрок-бядуля|Змітрок Бядуля]] адносіцца да ліку пісьменнікаў, якія закладвалі падмурак беларускай літаратуры. Першы яго зборнік "Абразкі" склалі [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-абразкі-і-лірычныя-мініяц|лірычныя імпрэсіі-мініяцюры]]. У іх праглядваецца выдатнае ўменне аўтара занатаваць на паперы першаснае, ледзь узнікшае ўражанне аб людзях, падзеях, рэчах і аформіць яго ў выглядзе пачуццёва-вобразнай, кідкай, выразнай дэталі. Большасць імпрэсій, напісаных сакавітай мовай, характарызуюцца рамантычным успрыманнем жыцця, паэтызацыяй беларускай вёскі, захапленнем родным краем, асуджэннем несправядлівасці. Сацыяльным зместам вылучаюцца імпрэсіі "Не пячы гэтак, сонейка", "[[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-ля-вапеннай-гары|Ля вапеннай гары]]", "Араты", "Жальба", лірычны герой якіх востра адчувае ўсе супярэчнасці жыцця, спачувае бедным і абяздоленым, перажывае за людскія пакуты. І толькі ў свеце прыроды ён знаходзіць зладжанасць, гармонію і спакой.\\ Тэма цяжкага сялянскага жыцця прадаўжаецца і ў хрэстаматыйных апавяданнях "[[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-пяць-лыжак-заціркі|Пяць лыжак заціркі]]", "[[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-малыя-дрывасекі|Малыя дрывасекі]]", "[[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-летапісцы|Летапісцы]]", "[[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-велікодныя-яйкі|Велікодныя яйкі]]". Гэтыя рэалістычныя творы, на думку І. Навуменкі, – дыяменты, залатыя зярняты..., якія могуць упрыгожыць самую развітую літаратуру". Героі іх пастаўлены ў выключныя, трагічныя абставіны, з якіх практычна няма выйсця, няма надзеі на прасвет у будучым (гінуць у снежнай завірусе малыя, галодныя дрывасекі Цішка і Халімон; з-за адсутнасці фарбы маленькі Сцяпанка малюе партрэт забітага на вайне бацькі ўласнай крывёю).\\ Апавяданні другой паловы 20-х гг. прысвечаны тэме новага жыцця, зменам у быце і светапоглядзе людзей. Пісьменнік піша пра арганізацыю калгасаў, адкрыццё хат-чытальняў, гурткоў па ліквідацыі непісьменнасці, пра нараджэнне новых людзей – гаспадароў новага ладу, змагароў з класавымі ворагамі ("Дзед Арцём", "У тыя дні", "[[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-тры-крыжыкі|Тры крыжыкі]]", "Шрам", "На абодвух берагах рэчкі"). У гэтых творах З. Бядуля выконваў патрабаванне ад мастакоў слова сцвярджаць новую ідэалогію, палітыку сацыялістычнага будаўніцтва. І таму героі твораў даволі схематычныя, звычайныя выканаўцы новых грамадскіх парадкаў.\\ У фальклорна-рамантычнай аповесці "[[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-салавей|Салавей]]" (1927) З. Бядуля выкарыстаў гістарычны сюжэт з часоў прыгоннага тэатра. Галоўнага героя твора Сымона празвалі Салаўём з-за незвычайнай здольнасці падрабляць гукі прыроды і жывых істот. Гэты талент хацеў выкарыстаць дзеля ўласнай забавы пан Вашамірскі. Але Сымону невыносна быць пацехай для пана ў яго маёнтку. Ён бачыў фізічныя катаванні акцёраў, жудасныя расправы над іншымі прыгоннымі і цяжка пакутаваў ад гэтага. Пасля трагедыі ў сям’і Каспара, смерці Зоські Сымон вырашае быць не панскім салаўём, а мужыцкім заступнікам. І яму ўдалося, як гэта бачна са зместу твора, адпомсціць панам за здзекі над сялянамі. Паказваючы драматычны лёс мастака ва ўмовах прыгоннага тэатра, З. Бядуля сцвярджае, што асновай сапраўднай творчасці з’яўляецца духоўная свабода і незалежнасць чалавека.\\ Пасля аповесці "Салавей" З. Бядуля выдаў зборнікі апавяданняў "Дзесяць", "Незвычайныя гісторыі", раман "[[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-язэп-крушынскі|Язэп Крушынскі]]" (пра вёску напярэдадні калектывізацыі), аўтабіяграфічную аповесць "У дрымучых лясах". У апошнім творы "[[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-сярэбраная-табакерка|Сярэбраная табакерка]]" (1940), які па жанры з’яўляецца літаратурнай казкай, ён звяртаецца да адвечных тэм жыцця і смерці, дабрыні і зла. У літаратурнай спадчыне З. Бядулі нямала крытычных і публіцыстычных твораў, прысвечаных развіццю беларускай літаратуры, культуры і тэатра.\\ Наогул, тэматыка твораў З. Бядулі ўсеабдымная, універсальная. Яго цікавяць і чалавек у яго адвечным шляху ад нараджэння да смерці, і ягоныя думкі, і настроі, дзівосны, непаўторны свет прыроды. Усё гэта, спалучанае з глыбокім веданнем жыцця, філасофскім светапоглядам і вялікай любоўю да людзей, і надае творам пісьменніка прыцягальнасць, эстэтычную выверанасць, актуальнасць і папулярнасць. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-велікодныя-яйкі]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-маці]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-на-каляды-к-сыну]] * [[постаці/змітрок-бядуля]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-нібы-рупны-араты]]