~~META: title = Агульначалавечыя матывы ў творчасці Максіма Танка &keywords = маці, голас, паэта, танка, верш, паэзія, адказы, рукі, шчасце, жыцця, пытанні, творчасці, чалавека, жыць, чалавечага &abstract = Агульначалавечыя матывы ў творчасці Максіма Танка &iftrue = nan ~~ ====== Агульначалавечыя матывы ў творчасці Максіма Танка ====== Паэзія Максіма Танка, народнага паэта Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі, сагрэта дабрынёй і даверам да чалавека. Яна выхоўвае ў чытачоў душэўную прыгажосць, высокую інтэлектуальнасць, заклікае да філасофскіх роздумаў аб жыцці, аб чалавецтве. На працягу ўсёй сваёй творчасці паэт імкнецца знайсці адказы на пытанні чалавечага быцця: што такое жыццё і смерць, любоў і нянавісць, ісціна, вера сумленне, дабро, шчасце? У чым сэнс чалавечага жыцця? І, безумоўна, адказы на гэтыя пытанні самыя розныя.\\ Адказам на пытанне, што такое чалавечае шчасце, можа служыць верш-мініяцюра М. Танка "[[творы/максім-танк/максім-танк-шчасце|Шчасце]]". Голас паэта гучыць разважліва, прасветлена, суладна вечнасці і сусвету і ў вершы "[[творы/максім-танк/максім-танк-я-спытаў-чалавека|Я спытаў чалавека...]]" Ён дае адказ на пытанне аб тым, што з’яўляецца на гэтым свеце самым цяжкім. У некалькіх радках скандэнсаваны вопыт і думкі цэлых пакаленняў.\\ У цэнтры ўвагі М. Танка заўсёды знаходзіцца чалавек.\\ Агульначалавечыя адносіны да маці, жанчыны выяўляюцца ў вершах "Рукі маці", "Мыццё бабкі Улляны", "Голас". Гімнам працавітым матчыным рукам, якія ніколі не ведалі адпачынку, можна назваць верш "[[творы/максім-танк/максім-танк-рукі-маці|Рукі маці]]": Іх цалавала зямля\\ Сваімі пясчанымі вуснамі\\ І каласамі;\\ Неба спякотай, вятрамі, дажджамі\\ Іх цалавала. Маці з’яўляецца для паэта ўвасабленнем чалавечай дабрыні, высакароднасці, сціпласці, увасабленнем вечнасці. Рукі маці – гэта і дакор, бо яны – сведкі нялёгкіх часоў, на іх – сляды, "што навекі пакінуў шлях наш суровы". Ад цяжкай, непасільнай працы на іх з’явіліся чорныя глыбокія шрамы і маршчыны. І яны, гэтыя святыя рукі, стваралі людскую радасць і шчасце, неслі людзям святло і цяпло:\\ Колькі яны запалілі світанняў,\\ Зораў над намі.\\ Пасівераным, парэпаным рукам бабулі, маці прысвечаны шчымлівыя радкі верша "Мыццё бабкі Улляны". Памерла жанчына. Перад апошняю дарогай нябожчыцу пачалі абмываць і "ніяк яе адмыць рук не маглі ад скіб зямлі, ад каласоў і сонца, ад пялёнак і ануч, ад чорных і распаленых гаршкоў з бацвіннем, з бульбай..." Гледзячы на гэтыя рукі, усе загаласілі, "бо як рукамі гэткімі ды ў дзверы раю грукаць!"\\ Верш "Голас" прадаўжае тэму бязмежнай любові маці да дзяцей: Голас незнаёмага можа здзівіць,\\ Голас друга – на хвіліну спыніць,\\ Голас любай – сагрэць сонцам лета,\\ Голас маці – вярнуць з таго свету. Матчын голас, на думку паэта, можа нават вярнуць з таго свету. Вядома, гэта метафара. Але калі дзіця ў небяспецы, маці зробіць усё магчымае, каб яго выратаваць. Яе голас можа прымусіць жыць і змагацца, калі губляецца сэнс жыцця і душа пачынае стыць.\\ У творчасці М. Танка нямала цудоўных песень аб Бацькаўшчыне і гераічным беларускім народзе. Паэта хвалююць агульначалавечыя пытанні аб гістарычным мінулым і сённяшнім дні Беларусі, яе прыродзе, роднай мове, аб мастацтве, прызначэнні паэта і паэзіі. У вершах "[[творы/максім-танк/максім-танк-паэзія|Паэзія]]" і "Трактат аб паэзіі" аўтар лічыць, што паэзія можа вызваліць з "няволі і пекла", можа прабіць кветкай вясновай "камень магільны". Паэзія параўноўваецца з бліскавіцай, з вясновай кветкай, з сокам вінаграду. Для творчага ж чалавека паэзія – гэта "кроў, што пульсуе па жылах", "сонца, якое прасторы святлом азарыла, і без чаго, як без маці або без радзімы, ні нараджацца, ні жыць на зямлі немагчыма".\\ М. Танк, адчуваючы адказнасць за ўсё, што адбываецца ў краіне, выступае супраць духоўнага мяшчанства, прыстасавальніцтва, кар’ерызму. Трывога за сённяшні дзень гучыць у паэтычнай малітве "З даўніх запаведзяў": Ратуй, Божа, ад вар’яцтва,\\ Нематы і засляплення,\\ Ад пярэваратняў, злыдняў,\\ Ханжаскіх богаслужэнняў,\\ Пошасці, вайны, бясхлеб’я, Нашых дум апусташэння. У творчасці М. Танка, такім чынам, няцяжка адшукаць адказы на ўсе пытанні чалавечага жыцця. Тое, што хвалявала людзей на працягу тысячагоддзяў, хвалюе паэта і ў канцы ХХ стагоддзя. Творы яго, сагрэтыя вялікім чалавечым пачуццём, сцвярджаюць духоўныя каштоўнасці жыцця, дапамагаюць жыць у наш неспакойны і трывожны час. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-танк/давераснёўская-творчасць-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/матывы-і-вобразы-паэзіі-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/жыццё-і-творчасць-максіма-танка]] * [[постаці/максім-танк]] * [[творы/максім-танк/ідэйны-змест-паэмы-максіма-танка-люцыян]]